Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе,-
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на сьвеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінуць ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе.
Наша зерне - нашы думкі -
Не загіне сьвету, -
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцьветаў.
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва-
Доля, панаваньне.
Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Беларусі мілай.
Зацьвіце яна, як сонца
Пасьля непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў.
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, -
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе.


Ответить с цитированием